Сегодня Понедельник, 18 Февраля 2019

Васіль Быкаў. Пяць фактаў, якія ведае не кожны беларус

Васіль Быкаў. Пяць фактаў, якія ведае не кожны беларус"Чалавек без пакут – трава", – пісаў Васіль Быкаў у сваёй аповесці "Трэцяя ракета". Васіль Уладзіміравіч ведаў, што казаў: менавіта ў яго жыцці пакут хапала. Але і чалавекам ён быў і застаецца сапраўдным. З нагоды 90-годдзя з дня народзінаў беларускага класіка TUT.BY прыгадвае цікавыя факты з яго жыцця.

1. Быкаў мог стаць мастаком ці скульптарам

Далёка не кожны беларус ведае, што свой лёс Быкаў мог звязаць з маляваннем, калі б… не загад Сталіна. Пасля заканчэння школы ва ўзросце 15 год Васіль Уладзіміравіч паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Але правучыўся там толькі год. У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці "Доўгая дарога дадому" ён сціпла ўспамінаў: "Вучыцца там доўга не прыйшлося, бо ў 1940 годзе стыпендыю адмянілі, і гэтая абставіна вярнула мяне ў вёску".

Аднак гэты эпізод з жыцця насамрэч быў больш драматычным, успамінала ў відэаінтэрв'ю TUT.BY сястра класіка Валянціна Уладзіміраўна. Акрамя таго што стыпендыі адмянілі, за навучанне пачалі браць плату, суадносную з коштам каровы. Аднак прадаць жывёлу – значыла выракчы звычайную вясковую сям'ю на галодную смерць.

"А маляваў так добра! Прынялі яго, правучыўся год. А перад самай вайной выйшаў указ Сталіна: трэба было плаціць дужа многа за вучобу. Бацька напісаў: я ж не магу, дзіцятка, дзе ж узяць столькі грошай? Прыехаўшы дамоў, [Быкаў] плакаў, помню, плакаў…"

Звычка маляваць нешта ў нататніках падчас размоў захавала для нас нешматлікія малюнкі пісьменніка. А некаторыя замалёўкі, зробленыя ў вайну, нядаўна сталі вокладкай для кнігі Быкава "Мёртвым не баліць".

2. Пісьменніка памылкова "пахавалі" падчас вайны і ўшанавалі на помнікавым абеліску

Падчас удзелу ў Кіраваградскай аперацыі (Украіна) на Вялікай Айчыннай вайне Васіль Быкаў быў цяжка паранены ў плячо і жывот. Памылкова яго запісалі як загінулага, а родныя Быкава атрымалі "пахаронку". Да таго ж, яго імя было засведчана на помнікавым абеліску ў гэтых мясцінах.

Аднак адна дэталь дапамагла сям'і зразумець, што ўсё гэта памылка: перад "пахаронкай" родныя атрымалі ліст ад самаго Васіля Быкава. Пазначаная дата сведчыла, што ліст ад сына быў адпраўлены пазней за паведамленне пра гібель.

"Я напісала пісьмо Васілю, што "пахаронку на цябе палучылі". Тады ён адказаў: "ну, праўда, я быў біты, але не дабіты!". Любіў пажартаваць", - расказвала сястра класіка.

3. У Беларусі есць толькі адна вуліца Быкава і дзясяткі – Леніна

Па апошніх дадзеных, у нашай краіне існуе толькі адна вуліца, названая ў гонар Васіля Быкава: яна знаходзіцца ў паселку Ждановічы пад Мінскам. Гэткую назву яна атрымала адносна нядаўна, пару год таму, дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў. У той жа час у Беларусі застаюцца шматлікія дзясяткі вуліц "Леніна", "Савецкіх", "Кастрычніцкіх" і "Цэнтральных".

У Гродна, Мінску і Салігорску ў свой час таксама выказваліся за ўшанаванне імя Быкава ў назвах вуліц, але з гэтага нічога не атрымалася. Не дапамаглі нават 105 тысяч подпісаў, сабраных у 2012 годзе ў сталіцы. Так жа скончылася ініцыятыва назваць адну са станцый будучай трэцяй лініі Мінскага метрапалітэну імем Быкава, у падтрымку якой надпісаліся 35 тысяч грамадзян.

4. Быкаў пісаў вершы?

Шматлікія беларусы прыгадаюць гісторыю, калі падчас афіцыйнага выступу Аляксандр Лукашэнка заявіў, маўляў, ён ведае творчасць Быкава яшчэ са школы, калі чытаў… яго вершы. Тады не толькі знаўцы літаратуры, але і проста шматлікія беларусы абурыліся такой непавазе да творчаці пісьменніка, бо Быкаў вядомы выключна як празаік і ніколі не публікаваў свае вершы.

Ужо пасля журналісты паспрабавалі даведацца, а ці мог усё ж такі Быкаў пісаць вершы? І даведаліся ад яго сястры, што неяк Васіль Уладзіміравіч сапраўды напісаў некалькі радкоў. Але гэта наўрад ці можна назваць паўнавартаснай творчасцю, бо размова ідзе яшчэ пра маленства. Тады ў Быкава быў сшытак, куды ён запісваў свае самыя патаемныя думкі. Туды ж, як некалі прызналіся родныя Быкава, ён занатаваў некалькі радкоў аб сваіх пачуццях да дзяўчынкі з гэтай жа вёскі. Гэты сшытак Быкаў старанна хаваў, але аднойчы дзеці выпадкова яго знайшлі - і ўсе таямніцы сталі падставай для жартаў.

Хто ведае, можа гэтай крыўдай тлумачыцца яго абыякаваць да вершаскладання ў далейшым жыцці?.. Аднак гэта толькі здагадкі. Ва ўсялякім разе, вывучаць вершы Быкава ў школе беларусы дакладна не маглі.

5. Як італьянскі рэжысёр марыў зняць фільм па Быкаву, а Машэраў плакаў на прэм'ерным паказе

З фільмамі, што здымаліся па творах Васіля Быкава, звязаныя цікавыя гісторыі. Напрыклад, каб пазбегнуць неапраўданай цэнзуры кінастужкі "Восхождение" (1976), што здымалася па ваеннай аповесці "Сотнікаў", рэжысёр пайшла на невялічкі хітрык. У абыход "Масфільма" здымачная каманда запрасіла на першы прагляд Пятра Машэрава, які тады працаваў першым сакратаром ЦКб. Напачатку былы партызан быў настроены скептычна (маўляў, што можа разумець у вайне жанчына – рэжысёр стужкі Ларыса Шэпяцько). Аднак, па успамінах сведкаў, ужо на палове стужкі ён нават не хаваў сваіх слёз. Пасля прагляду Машэраў, у парушэнні традыцый, першым выйшаў на сцэну, дзе каля 40 хвілін дзяліўся сваім захапленнем. Праз пару дзён фільм афіцыйна прынялі без аніводнай праўкі.

А вось на адну з першых экранізацый твораў Быкава - па аповесці "Альпійская балада" - прэтэндаваў вядомы італьянскі кінарэжысёр Джузэпэ Дэ Санціс. У 1965 годзе ён звяртаўся да кіраўніцтва кінематаграфіі СССР з прапановай набыць правы на пастаноўку фільма. У Рыме гэтым часам нават пачаўся адбор акцёраў на галоўныя ролі Івана і Джуліі. Але яму адмовілі, і стужку "ў працу" перадалі савецкаму рэжысёру Барысу Сцяпанаву. Ужо падчас здымак у СССР на кінапляцоўку спецыяльна прыехала італьянская акцёрка, якая некалі прайшла той самы конкурс на роль Джуліі ў Рыме. Жанчына прыляцела на самалёце толькі дзеля таго, каб убачыць калегу, якой пашчасціла здымацца ў фільме па твору Быкава.

Сучасная экранізацыя аповесці "У тумане" (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы ўдзельнічала ў конкурснай праграме 65-га Канскага фестывалю, а прэм'ера фільма ў Мінску суправаджалася аншлагамі. Пазней фільм атрымаў шэраг узнагарод на іншых міжнародных конкурсах і актыўны водгук з боку прэссы. З гэтай нагоды імя Васіля Быкава было ўзгадана на старонках сусветнавядомай газеты New York Times падчас прэм'ерных паказаў фільма на Манхэтане ў ЗША.

Акрамя кінастужак па творах Васіля Быкава, у 1967 годзе быў пастаўлены балет "Альпійская балада" Яўгена Глебава, а праз 2 гады - опера "Сцежкаю жыцця" (паводле "Воўчай зграі").
» » Васіль Быкаў. Пяць фактаў, якія ведае не кожны беларус
Популярные новости