Последние новости
15 дек 2009 13:24Беларусь / Политика и общество
Шушкевічу - 75: "Беражыце сумленнасць"

Калі я даведаўся, што Станіславу Шушкевічу хутка будзе 75, паверыў не адразу. Бо літаральна за некалькі дзён да гэтага бачыў яго, энергічнага і гаваркога, на прыёме ў пасла Францыі. Той самы недавер не пакідаў мяне і падчас больш чым дзвюхгадзіннай гутаркі з нагоды юбілею. Станіслаў Станіслававіч некалькі разоў перарываў размову, адказваючы на званкі свайго суперсучаснага айфона, паказваў на маніторы кампутара фотаздымкі, вадзіў нас па сваёй кватэры, застаўленай падарункамі прэзідэнтаў і кіраўнікоў урадаў, хваліўся картай пастаяннага кліента вядомай авіякампаніі (якую даюць пасля налёту 100 тысяч міль, дарэчы) і пры гэтым яшчэ паспяваў распытваць пра нашае жыццё. Словам, ягонай энергіі могуць пазайздросціць нават 25-гадовыя.
Аб чым можна запытацца ў чалавека, які старэйшы за цябе на паўстагоддзя? Аб чым заўгодна. Адказы будуць. Распавядае Станіслаў Шушкевіч.
Сябе я памятаю з 1936-га
Мая маці сваё здароўе паклала, каб нас выгадаваць. Яна закончыла педінстытут, спачатку працавала ў Койданаве - была кіраўніком мясцовай самадзейнасці. Была членам саюза пісьменнікаў СССР - на білеце членскім подпіс Горкага стаіць. Друкавалася пераважна на польскай мове. Тады ж існавала спецыяльная секцыя польскамоўная, каб разлажыць польскіх пісьменнікаў…
Маці ў 1980-м годзе памерла. Заўсёды вучыла мяне ўспрымаць рэчаіснасць спакойна. Гэта яна мяне пераканала стаць фізікам. Маці ўвесь час гаварыла пра "сапраўдную адукацыю" - лекараў, біёлагаў, фізікаў. Мая настаўніца расійскай мовы потым наракала на мяне. Маўляў, выбраў фізіку а не лірыку.
Сябе я памятаю з 1936-га. Тады якраз памёр мой дзед, а ў дзіцячай памяці адклаліся яго боты. У садзе мы ставілі самавар і яго гарачая труба аднойчы прыпаліла мне нагу, а дзед мяне суцяшаў. Вось з таго моманту мне боты дзедавы і запомніліся.
Недзе напрыканцы 1939-га я навучыўся чытаць, і маці пачала даваць мне бацькавы лісты [бацька сядзеў у савецкім канцлагеры - Рэд.]. Можна было раз у месяц дасылаць лісты. Я добра памятаю, як адказваў яму на беларускай мове.
Шкада, што нічога не захавалася. А потым пачалася вайна і яна вельмі выразна адклалася ў памяці. Першы дзень асабліва - бабуля мяне якраз у цырк павяла. Ніхто ж не думаў, што вайна так доўга будзе. Потым маці мяне ў вёску адвезла. Зіму я ў вёсцы ў дзеда правёў, падчас акупацыі быў тут. Толькі пасля вайны пайшоў у школу - адразу ў 4-ы клас, бо ўмеў чытаць і пісаць.
Першай маёй дзейнасцю грамадскай была праца ў рэдакцыі - дзеткорам - дзіцячым карэспандэнтам. Тэксты мае падпраўлялі і таму ў школе набыў мянушку "дзетбрэх". Праз рэдакцыю я трапіў аднойчы ў Артэк - такі вялікі ўспамін дзяцінства. Туды з Беларусі паехала вялікая група дзетдомаўцаў - мы чатыры недзетдомаўцы толькі трапілі туды. Запомнілася, што ў Артэку ежы было колькі хочаш. Я нават хлеб збіраўся па кішэнях хаваць…
У Артэку пачаў вучыцца, як след. Туды паехаў двоечнікам, а вярнуўся выдатнікам. Потым у школе медаль атрымаў.
І я думаў, што тыя дактары - здраднікі
Я памятаю, як адліга пачалася. Складаны гэта быў час.
На адно з паседжанняў студэнцкіх прыходзіць чалавек і кажа: "Берыя - здраднік". А мой сябар, Віктар, у штыкі гэта прыняў. Накінуўся на яго. У нас не было іншых думак. І я ж думаў, што тыя дактары - здраднікі… Мае аднакурсніцы плакалі, калі Сталін памёр. Цяпер гэта ўспамінаюць. Вельмі прыстойныя дзяўчаты, жанчыны. Сціплыя людзі былі. Нягледзячы на тое, што шмат хто належаў да партнаменклатуры.
У маёй сям’і, вядома, усе ведалі пра злачынствы партыі. Але ціха аб гэтым гаварылі.
У канцы 50-х людзі баяліся вельмі. Дысідэнтам ніколі не быў. У 1974-м я ў Кракаў прыехаў і трапіў выпадкова на выступ Караля Вайтылы. Ён тады яшчэ не быў Папам, але такую праўду гаварыў публічна… Я падумаў, чаму ж яго ў турму не пасадзяць - у нас бы за такое даўно пасадзілі. Пяць казаняў я праслухаў. Унутрана абураўся гэтай антысаветчынай.
Усё ў нас глыбока было.
Мой бацька, нават 20 гадоў у турме адседзеўшы, толькі за год да смерці ў камуністах расчараваўся.
Я доўга беcпартыйным быў, але калі стаў прарэктарам па навуковай працы - то прыйшлося ў партыю ўступіць. Усе пытанні тады вырашаліся на партыйных сходах.
Я быў савецкім чалавекам і з цяжкасцю гэта выціскаю з сябе па сённяшні дзень. Часам лаўлю сябе на думцы, што хачу дзейнічаць па-бальшавіцку.
Для мяне галоўным было, што Расія прызнае незалежнасць
Я быў фізікам. Не ведаў нават, што ўтварыўся БНФ. Займаўся навукай - пад маім кіраўніцтвам было абаронена 33 дысертацыі. Нават у прарэктары я трапіў супраць сваёй волі. Неяк не хацелася адыходзіць ад навуковай дзейнасці.
А ў палітыку… Я ў палітыку выпадкова трапіў. Увесь час быў заняты на сваёй кафедры. Там працавала дзвесце чалавек - кіраваць імі і займацца яшчэ нечым было немагчыма. Але мае сябры універсітэцкія ўчынілі жарт. Мы неяк правялі добры вечар і не на сухую, як кажуць.
Вось там яны мяне падлавілі: сказалі, што заўтра вылучаць кандыдатам у народныя дэпутаты СССР і ўзялі слова, што я не здыму сваю кандыдатуру.
З гэтага ўсё пачалося.
Акурат Чарнобыль быў. Гэтая трагедыя моцна на нас усіх паўплывала. Памятаю, як мы выпадкова пра Чарнобыль даведаліся. Студэнтка-практыкантка праводзіла вымярэнні і выявіла павышаны фон. Выкладчыца тую студэнтку некалькі разоў адпраўляла ўсё пераправяраць, пакуль зразумела, у чым справа.
Тады і праявіўся ўвесь гэты саветызм. Самы непрыглядны яго бок. Рэакцыя чыноўнікаў была чыстым злачынствам. Нельга было маўчаць, а яны маўчалі. Рабілі выгляд, што ўсё добра. Шмат хто зразумеў тады, што савецкая сістэма падштурхоўвала на злачынства людзей.
У 1991 годзе самым важным было абранне Гарбачова прэзідэнтам СССР. Да Гарбачова па-рознаму мы ставіліся. Спачатку нават партрэт яго ў мяне вісеў, але пасля Чарнобыля стаўленне рэзка пагоршылася. А калі ГКЧП адбылося, то ўсё было вырашана. Мяне старшынём Вярхоўнага Савета лёгка даволі абралі. З БНФ нікога не хацелі выбіраць, а я як быццам быў нейтральны.
У канцы кастрычніка нас у Агарове Гарбачоў сабраў і прапанаваў праект новай саюзнай дамовы. Толькі мы з Ельцыным раскрытыкавалі яе. Там шмат недакладнасцяў было тэрміналагічных. У Агарове з Ельцыным і дамовіліся аб сустрэчы ў Белавежскай пушчы, на паляванні.
Калі падпісалі Белавежскія пагадненні, спачатку ніякага адчування не было асаблівага. Тады я ўжо быў крыху дасведчаным чалавекам у гістарычным плане.
Для мяне галоўным было тое, што Расія прызнае незалежнасць Беларусі. Для Ельцына зусім іншае важна было. Таму ён у 1997 годзе публічна пашкадаваў аб тых пагадненнях.
Было неабходна адразу паставіць дакументы на разгляд Вярхоўнага Савета. Я добра разумеў, што калі белавежскія пагадненні не ратыфікуюць — гэта будзе канцом маёй кар’еры. Адзін выраз "СССР перастае існаваць" чаго варты быў.
Быў вельмі здзіўлены, калі толькі адзін голас супраць падалі. Думаю, што гэта Ціхіня так прагаласаваў, таму што ён і выступіў супраць.
Калі маладое пакаленне зойме кіруючыя пасады - усё зменіцца
20 гадоў прайшло. Людзі зараз іншыя. А тыя, якім сёння 20-25 гадоў, увогуле не жылі пры Савецкім Саюзе. Яны нарадзіліся ў незалежнай краіне. Адчуванне таго, што ты грамадзянін Беларусі - гэта вельмі добра.
У старэйшага пакалення іначай. Большасць наадварот, з настальгіяй узгадвае СССР. Яны памятаюць усё, што было добрае. А наша прапаганда карыстаецца гэтым.
Думаю, калі маладое пакаленне зойме кіруючыя пасады - усё ў нас зменіцца.
Змяніць сёння старое пакаленне немагчыма. Ва ўладзе ёсць сумленныя і адукаваныя людзі, але ім зручней працаваць моўчкі на гэтую структуру, на рэжым. Калі б змены адбыліся, то яны таксама добра працавалі б. Але самі яны нічога мяняць не будуць у большасці сваёй.
Бяда і з апазіцыяй. У нас тасуецца адна і тая ж калода. Размовы пра раз’яднанасць - глупства. Калода аб’яднаная. Аднак у апазіцыянераў ёсць толькі жаданне сябе паказаць. Яны перакананыя, што ведаюць, што такое палітыка. Аднак не маюць належнай адукацыі, не чыталі належных кніжак. Апазіцыя добра пратэстуе супраць існага парадку, але не больш. Прафесійнага разумення палітыкі ў большасці апазіцыянераў няма.
Праблема і з культурай нацыянальнай. Слоўнікаў беларускіх нават спецыялізаваных няма. Лавіна новых ведаў патрабуе гэтага. А ў нас дзяржава не падтрымлівае мову, не стварае новых моўных інстытутаў. Гэта фактычна знарок робіцца. У Ісландыі на гэта хапае сродкаў, а ў нас - не. Наша ўлада добра разумее, што робіць. Не трэба лічыць, што гэта проста нейкі недагляд.
Адно хачу параіць
Я ўжо немалады. І сёння даводзіцца шмат працаваць па ўсім свеце. Мяне нават пенсіі пазбавілі, як усе ведаюць.
Парады я не люблю даваць. Толькі адно хачу параіць. Гэта раіў і буду раіць. Беражыце сумленнасць. Беларусы - сумленная нацыя. І ў нас многа добрых прыкладаў.
Нам трэба шукаць Беларусь сучасную. Не ўспрымаць тое, што на паверхні ляжыць. Маладым трэба імкнуцца вучыцца. Навучыцца гэтаму.
Популярные новости