Павышэнні коштаў закранулі некалькі прэстыжных ВНУ краіны — БДУ, БДЭУ і БНТУ. У многіх іншых навучальных установах павышэння аплаты чакаюць у канцы навучальнага года.
Для некаторых студэнтаў навіна стала ўдарам. У сярэднім кошты навучання ў тым жа БДУ і эканамічным універсітэце павысіліся на 20%.
“Новыя кошты на навучанне зацвердзілі з першага лістапада, — кажуць у бухгалтэрыі БДУ. — У пачатку гэтага тыдня быў падпісаны загад аб павышэнні аплаты. Кошты павысіліся на ўсіх факультэтах, у сярэднім на 20 працэнтаў”.
У бухгалтэрыі растлумачылі, што павысіць плату за навучанне было неабходна для таго, каб выплаціць заробкі выкладчыкам.
“З першага лістапада павялічылася тарыфная стаўка першага разраду для бюджэтных арганізацый, — працягваюць тлумачыць у бухгалтэрыі. — Так у нас павялічваюцца заробкі выкладчыкам, а яны ўключаныя ў кошт навучання”.
На такіх факультэтах БДУ, як філасофіі і сацыяльных навук, міжнародных адносінаў, журналістыкі кошты дзённага навучання ўзляцелі на 500-600 тысяч беларускіх рублёў.
З пытаннем “ці падымуцца кошты ў вас?” мы звярнуліся ў іншыя прэстыжныя ВНУ.
“Як? Аплата ўжо паднялася! — абразіліся на пытанне у бухгалтэрыі БНТУ. — Значыцца так: аплата за год у сярэднім паднялася на 708 тысяч”.
Студэнт-платнік будаўнічага факультэта БНТУ Сяргей расказаў Еўрарадыё, што многія небагатыя студэнты імкнуцца перавесціся на завочку — там кошты ўдвая меншыя.
“Кожны год павышэнні! Грошы зараз і так невядома куды дзяюцца, а такую аплату зрабілі — гэта зусім дрэнна, — скардзіцца Сяргей. — Лічыцца, чым больш мы будзем плаціць, тым больш нашую адукацыю будуць лічыць еўрапейскай. Але ж гэта не так. Многія студэнты не пацягнуць такую аплату, крэдыт падчас фінансавага крызісу ўзяць таксама няпроста. Некаторыя студэнты паспрабуюць перайсці на завочку пры першай магчымасці”.
Апроч БДУ і БНТУ павышэнне аплаты адбылося і ў эканамічным універсітэце (БДЭУ).
Плату за навучанне паднялі і ў некаторых іншых універсітэтах, але на больш прымальную суму.
“Так, аплата павялічылася на тысячаў сто-дзвесце, гледзячы які факультэт”, — паведамілі ў прыёмнай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Чамусьці павышэнне платы за навучанне не закранула некаторыя іншыя прэстыжныя ВНУ, напрыклад, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, медыцынскі ўніверсітэт. Не паднялі аплату і ў рэгіянальных дзяржаўных ВНУ. Студэнты прыватных навучальных устаноў таксама пакуль дыхаюць з палёгкай.
\»У нас, напрыклад, на сацыяльнай педагогіцы аплата 906 тысяч, — кажуць у прыёмнай Інстытута сучасных ведаў. — У нас звычайна на павышэнне аплаты навучання загад падпісваецца. Пакуль такога загаду ў інстытуце няма\».
У большасці ўніверсітэтаў Еўрарадыё расказалі, што рэзкага павышэння аплаты чакаюць у канцы навучальнага года.